САЛАВЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1668—76, Салавецкае сядзенне,
народнае паўстанне ў Салавецкім манастыры супраць царк. рэформы патрыярха Нікана, за аднаўленне «старой веры» (гл. Раскол). Удзельнікі (450—500 чал.): манахі, паслушнікі, манастырскія работнікі і сяляне, збеглыя стральцы і салдаты; у 1670-я г. да іх далучыліся многія б. паплечнікі С.Ц.Разіна. У 1667 манахі не прынялі папраўленыя паводле рэформы богаслужэбныя кнігі. Адкрытае паўстанне пачалося 2.7.1668, калі спроба маскоўскіх стральцоў заняць манастыр сустрэла ўзбр. супраціўленне. Паступова кіраўніцтва паўстаннем перайшло ад вярхоў манаства («старцаў») да прадстаўнікоў сац. нізоў (сялян і б. разінцаў), якія на першы план высоўвалі патрабаванне адмены прыгонніцкіх парадкаў. Дзякуючы харч. дапамозе навакольных сялян паўстанцы ва ўмацаваннях манастыра больш як 7 гадоў вытрымлівалі аблогу ўрадавых войск. У студз. 1676 у выніку здрады манастыр быў узяты і паўстанне задушана, амаль усе ўдзельнікі забіты або пазней пакараны смерцю.
Літ.:
Барсуков Н.А. Соловецкое восстание (1668—1676 гг.). Петрозаводск, 1954;
Чумичева О.В. Страницы истории Соловецкого восстания (1666—1676 гг.) // История СССР. 1990. № 1.
т. 14, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)